Спецпроект Издательского дома «‎Беларусь сегодня»
и Национального архива Беларуси
СБ. Беларусь сегодня

Операция «Багратион»

Аперацыя «Баграціён» — імклівае наступленне на захад

Зусім хутка беларускі народ адзначыць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэту падзею набліжалі салдаты Чырвонай Арміі і партызаны, многія з іх не дажылі да вызвалення, загінулі ў баях з ворагам за свабоду Радзімы. Пра тое, як ішлі баі за Беларусь, што папярэднічала доўгачаканаму дню вызвалення, наша размова з загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксеем Літвіным.

Як знеслі «балкон»

— Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Да чэрвеня 1944 г. фронт стаяў па лініі Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, утварыўшы велізарны выступ-клін, звернуты ўглыб СССР, так званы Беларускі балкон. «Ссекчы» яго ўдалося падчас беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» — адной з найбуйнейшых ваенных аперацый за ўсю гісторыю чалавецтва. Яна была праведзена бліскуча — шмат фашысцкіх войскаў трапіла ў Бабруйскі і Мінскі катлы, фактычна перастала існаваць група армій «Цэнтр».

Якую дапамогу наступаючай Чырвонай Арміі аказалі партызаны Беларусі? Што можна сказаць пра іх колькасць і пра спробы акупантаў разграміць партызан напярэдадні летняй кампаніі на фронце?

— Неабходна адзначыць: пад уздзеяннем перамог Чырвонай Арміі на франтах, арганізатарскай працы падпольных партыйных арганізацый, поспехаў у баях партызанскіх фарміраванняў з дня на дзень раслі сілы партызан. Так, за студзень — сакавік 1944 г. колькасць партызан павялічылася на 24,5 тыс. чалавек, а да лета — больш чым на 65 тыс. чалавек. З лістапада 1943 па красавік 1944 г. з рэгулярнымі часцямі злучылася 35 партызанскіх брыгад і 15 асобных атрадаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей — больш як 50 тыс. чалавек, многія з якіх уліліся ў дзеючую армію. Каб забяспечыць свае тылы, гітлераўскае камандаванне кідала супраць народных мсціўцаў як ахоўныя, так і рэгулярныя воінскія часці. Зімой—вясной 1944-га сілы вермахта, накіраваныя на барацьбу з партызанамі, з улікам спецыяльных часцей дасягалі 18 дывізій. Калі ў студзені ў баявых дзеяннях супраць партызан прымалі ўдзел 30 тыс., то ў маі — да 100 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка.

imgПартызанскі парад у Мінску

Партызаны супрацьпаставілі тактыку нечаканых сумесных налётаў сіламі некалькіх атрадаў і брыгад, размешчаных у розных раёнах, шырока выкарыстоўвалі дыверсійныя метады. У студзені на чыгунцы партызаны правялі 677 баявых аперацый, лютым — 690, сакавіку — 708, красавіку — 914, маі — 488, чэрвені — 230 (без дадзеных трэцяга этапу «рэйкавай вайны»).

Узаемадзеянне з фронтам — цеснае

— Якую ролю ў аперацыі «Баграціён» адыгралі беларускія партызаны?

— Ужо ў самой задумцы «Баграціёна», акрамя магутных наступальных удараў чатырох франтоў — 1-га Прыбалтыйскага, 3-га, 2-га і 1-га Беларускіх, Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў прадугледжаны актыўны ўдзел у аперацыі беларускіх партызан.

З пачаткам аперацыі «Багра­ціён» гэтыя задачы канкрэтызаваліся партызанскім злучэнням, брыгадам і атрадам. Шыфратэлеграмамі ўда­кладняліся і дэталізаваліся іх баявыя задачы, даваліся парады для паспяховага выканання. У Нацыянальным архіве захоўваецца ўнікальны комплекс шыфратэлеграм, які дае магчымасць практычна па гадзінах аднавіць ход пастаноўкі задач і іх аператыўнага выканання.

img

Адзначым, што ў непасрэдным тыле групы армій «Цэнтр» знаходзілася 150 партызанскіх брыгад і 49 асобна дзеючых атрадаў, якія налічвалі больш за 143 тысячы партызан. Яны мелі багаты баявы вопыт, дакладнае ваенна-палітычнае кіраўніцтва і былі звязаны двухбаковай радыёсувяззю з цэнтральнымі кіруючымі органамі — ЦК КП(б)Б і БШПР. Звыш 250 тысяч чалавек лічылася ў складзе партызанскіх рэзерваў.

Гэта была магутная сіла. Дастаткова сказаць, што 16 партызанскіх брыгад утрымлівалі Полацка-Лепельскую партызанскую зону плошчай 3242 кв. км. Гэта больш па тэрыторыі, чым дзяржава Люксембург. Усяго ж партызаны кантралявалі ў 1944-м амаль 60 працэнтаў тэрыторыі Беларусі!

У сувязі з гэтым асабліва важнае значэнне набываў час пачатку іх агульнага выступу ў тыле групы армій «Цэнтр». Масавы рэйкавы ўдар па камунікацыях праціўніка вырашана было правесці ў ноч з 19 на 20 чэрвеня. Указанне аб гэтым было дадзена 8 чэрвеня.

«У выніку адначасовага ўдару партызан па чыгуначных лініях у ноч на 20 чэрвеня 1944 года, які варта разглядаць як падрыхтоўку да рускага наступу, — пісаў у справаздачы гаспадарчы кіраўнік пры галоўным камандаванні групы армій „Цэнтр“ Нідэрфюр, — узнікалі сур’ёзныя перашкоды ў чыгуначным руху... наступствы буйной партызанскай акцыі 20 чэрвеня велізарныя: асноўныя чыгуначныя камунікацыі, нягледзячы на неадкладна прынятыя меры і аднаўленчыя работы, былі паралізаваныя».

imgКарта аперацыі «Баграціён»

У тую ноч партызаны падарвалі звыш 40 тысяч рэек. Гэтай аперацыяй быў пакладзены пачатак трэцяму, заключнаму этапу «рэйкавай вайны». Удар быў настолькі магутным і зладжаным, што ў выніку яго многія чыгуначныя магістралі былі паралізаваныя да канца аперацыі «Баграціён».

Наступленне Чырвонай Арміі і дзеянні партызан зліліся ў адзін разбуральны кулак, які паўсюдна неміласэрна граміў ворага.

Беларускія партызаны захапілі, ачысцілі ад непрыяцеля і ўтрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі многія райцэнтры і чыгуначныя станцыі. Так, Капыль, Узда, Старобін, Чырвоная Слабада, Астравец, Карэлічы, Ружаны, Свір, Відзы і іншыя населеныя пункты былі вызвалены партызанамі яшчэ да прыходу савецкіх войскаў.

Пры злучэнні з часцямі Чырвонай Арміі яны вылучалі вопытных праваднікоў, якія добра ведалі мясцовасць, дапамагалі будаваць масты і пераправы, пракладваць гаці.

Актыўны ўдзел партызанскія фарміраван­ні прынялі ў сумесным з Чырвонай Ар­міяй вызваленні Брэста, Барысава, Ві­лей­кі, Івацэвічаў, Докшыц, Клічава, Капаткевічаў, Лагойска, Ліды, Мінска, Маладзечна, Нясвіжа, Асіповічаў, Пінска, Слуцка, Смаргоні, Смілавічаў, Стоўбцаў, Чэрвеня і шэрагу іншых гарадоў.

Найважнейшае значэнне для наступаючых войскаў меў захоп партызанамі і ўтрыманне перапраў на рэках, а таксама дапамога партызан і насельніцтва ва ўзвядзенні перапраў і гацей у цяжкапраходных месцах. Архіўныя дакументы сведчаць — такіх «трас» для Чырвонай Арміі было зроблена шмат.

Захапіўшы дзеючыя пераправы і аднавіўшы разбураныя, партызаны аказалі вялікую дапамогу войскам у фарсіраванні Віліі, Пцічы, Бярэзіны, Случы, Друці, Арэсы, Шчары, Нёмана і іншых больш мелкіх рэчак. Дастаткова сказаць, што толькі партызанамі Вілейскай вобласці было пабудавана для савецкіх часцей 312 мастоў і 15 перапраў. Таксама захоплівалі чыгуначныя і шасэйныя масты і ўтрымлівалі іх да падыходу савецкіх войскаў.

Вялікую дапамогу Чырвонай Арміі аказалі партызаны Беларусі пры ліквідацыі Мінскага катла — 105-тысячнай групоўкі праціўніка, акружанай на паўднёвым усходзе ад горада. Некалькі дзён упартыя баі з ворагам вялі разам з рэгулярнымі войскамі партызанскія брыгады «Буравеснік», «Смерць фашызму», імя Шчорса, 1-я, 2-я мінскія, «Беларусь», «За Савецкую Беларусь» і іншыя фарміраванні народных мсціўцаў.

Па ўказанні ЦК КП(б)Б і БШПР было прынята рашэнне прыпыніць расфар­міраванне партызанскіх злучэнняў і ўсе сілы сабраць у Мінску і яго ваколіцах. У наступныя два дні каля 30 брыгад было сцягнута ў наваколлі Мінска. Да 11 ліпеня ліквідацыя акружанай групоўкі ворага была скончана. Больш за 105 тысяч салдат і афіцэраў страціла група армій «Цэнтр» у катле.

У парадным страі

У выніку паспяховага правядзення аперацыі «Баграціён» праціўніка спасцігла велізарная катастрофа. Разгрому падвергліся 67 дывізій і 3 брыгады, з іх 17 дывізій і ўсе брыгады (раўнацэнныя сілы знаходзіліся ў той час у Францыі, Бельгіі і Галандыі) былі цалкам знішчаныя. Толькі страты, нанесеныя праціўніку партызанамі Беларусі, склалі больш за 15 тыс. забітымі і звыш 17 тыс. палоннымі.

imgТакім быў вызвалены Мінск

16 ліпеня 1944 г. вызваленая сталіца Беларусі прымала парад партызанскіх злучэнняў. Раніцай на былым іпадроме і прылеглых да яго вуліцах стаялі — пры поўным узбраенні — 30 партызанскіх брыгад і 2 самастойныя атрады. На мітынг сабралася каля 50 тысяч мінчан. Гэта было амаль усё насельніцтва горада-героя — з 250 тысяч, якія налічваліся да вайны. У руках — букеты палявых кветак, на вачах — слёзы радасці. Народ, змучаны цяжкімі гадамі акупацыі, радаваўся. Пасля мітынгу адбыўся партызанскі парад. Пад гукі духавога аркестра стройнымі калонамі ішлі бясстрашныя лясныя байцы.

Гістарычная заслуга партызан Беларусі і ў тым, што яны выратавалі сотні тысяч грамадзян ад знішчэння гітлераўцамі і фашысцкай катаргі.

Пры злучэнні войскаў Чырвонай Арміі і партызан у шэрагі арміі ўлілося звыш 180 тысяч народных мсціўцаў. Партызаны Беларусі, ужо як радавыя і афіцэры Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, змагаліся ў баях на тэрыторыі Германіі, Чэхіі, Венгрыі і іншых краін. Многія з іх здзейснілі выдатныя подзвігі, якія навечна ўпісалі іх імёны ў памяць народа.

Авторы: Шестокович Людвика и Михаил Вальковский

Другие статьи
26.07.2024
Жизнь в борьбе. 125 лет со дня рождения знаменитого разведчика и партизана Станислава Ваупшасова
16.07.2024
Рассказываем, как в Минске 80 лет назад проходил уникальный партизанский парад
02.07.2024
Шумела сурово Ружанская пуща
01/00